І́НДА-ГА́НГСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна паміж Гімалаямі на Пн і Дэканскім пласкагор’ем на Пд у Індыі, Пакістане і Бангладэш. Працягваецца ад Аравійскага м. да Бенгальскага зал. амаль на 3 тыс. км. Шыр. 250—350 км. Рэльеф выш. 50—100 м у асн. плоскі, ускладняецца ярамі і рачнымі тэрасамі. У тэктанічных адносінах — перадгорны прагін альпійскай эпохі складкавасці, запоўнены ў асн. стараж. і сучасным алювіем і марскімі адкладамі (магутнасць да 12 км). Клімат субэкватарыяльны мусонны на У і трапічны на З. Сярэднія т-ры студз. 12—20 °C, ліп. 30—36 °C. Ападкі пераважна летам ад 2 тыс. мм на ПдУ да 150 мм на ПдЗ. Рэкі: Інд, Ганг, Брахмапутра і іх прытокі. Летнія паводкі. У дэльце Ганга і Брахмапутры вечназялёныя лясы, на ўзбярэжжы — мангры; у цэнтр. ч. раўніны — лістападныя лясы і саванны; у даліне Інда — сухія саванны, паўпустыні і пустыні. І.-Г.р. густа заселена, б. ч. ўзарана (рыс, бавоўна, цукр. трыснёг і інш.). Густая сетка арашальных каналаў. Найб. гарады: Дэлі, Калькута (Індыя), Карачы, Лахор (Пакістан), Дака (Бангладэш).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)